МЕДЫТАТЫ́ЎНАЯ ЛІ́РЫКА,

жанр лірычнай паэзіі, у якім перадаецца роздум над праблемамі жыцця і смерці, дружбы і кахання, чалавека і прыроды і інш. Асаблівае пашырэнне атрымала ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў. Да М.л. звярталіся А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Блок, М.​Рыльскі, Т.​С.​Эліят, Р.​М.​Рыльке і інш. У бел. л-ры заняла значнае месца ў творчасці М.​Багдановіча («... Шмат у нашым жыцці ёсць дарог», «Мяжы», «...Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы»), які разважаў пра сутнасць жыцця і смерці, класавы падзел грамадства, пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Творы М.л. ёсць у Я.​Купалы («...Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Мая навука»), А.​Куляшова (цыкл «Маналог»), М.​Танка («Мне здаецца», «...Божа паэзіі»), С.​Дзяргая («Сапраўднае», «Мысль і слова»), А.​Вярцінскага («Дзівак чалавек», «...Абрастаем»), П.​Макаля («...Век з рэактыўнай хуткасцю імкне»). Жанравую актуальнасць сучаснай М.л. вызначае спалучэнне філас. і грамадз. аспектаў.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)